Сёння на пагранічнай заставе №4 “Казімірава”, што ахоўвае каля 20 км дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Польшча, нясуць службу хлопцы з Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей (аднак прадстаўнікоў Камянеччыны практычна не бывае).
Спецыфікай дадзенага ўчастка мяжы з’яўляецца тое, што ён поўнасцю сухапутны (у адрозненні ад іншых застаў), закранаецца і частка пракаветнай Белавежскай пушчы. Таму нікога тут не здзіўляе спрацоўка сігналізацынага комплекса на жывёл: то заяц прабяжыць, пакінуўшы сляды на КСП (кантрольна-следавой паласе), то воўк, то рысь, то лось, то нават зубр…
Экскурсію па маленькай, але надзвычай функцыянальнай заставе “Казімірава” – сапраўды аўтаномны ваенны гарадок! – яе начальнік, старшы лейтэнант Андрэй Працук і афіцыйны прадстаўнік Брэсцкай пагранічнай групы, маёр Сяргей Дзмітрыеў пачынаюць ад цэнтральных варот, дзе падключаны сучасны сігналізацыйны комплекс, больш зручны і надзейны за яго папярэдніка. Ён перадае сігнал на камп’ютар у дзяжурным памяшканні ў распалажэнні заставы – і адразу ж вядома, дзе спрацавала сігналізацыя і куды накіроўвацца трывожнай групе.
– На заставе ёсць усё для якаснай аховы мяжы і падтрымання жыццядзейнасці асабістага састава, – запэўнівае Андрэй Аляксандравіч. І сумнявацца ў гэтым не выпадае, калі мінаем гарадок пагранічнай службы (тут праводзяцца заняткі па тактыцы для пагранічных нарадаў, якія выходзяць на ахову дзяржаўнай мяжы, і спадарожныя трэніроўкі па следапытстве – любыя хітрыкі парушальнікаў абавязкова будуць разгаданы!); гадавальнік для службовых сабак і паласу іх трэніровак (вышуковыя нямецкія аўчаркі, што служаць тут нароўні з людзьмі, могуць па паху вызначыць, дзе прайшоў парушальнік, нават калі гэта адбылося 6 і больш гадзін таму); боксы для захоўвання і рамонту транпартных сродкаў (сёлета у штат прыбыў яшчэ і квадрацыкл); склады гаруча-змазачных матэрыялаў, ваенна-тэхнічнай маёмасці, ракетна-артылерыйскага ўзбраення, рэчаў і прадуктаў, кацельню і дызель-генератар. Як бачым, застава “Казімірава” мае ўсё неабходнае, каб у любых непрадугледжаных сітуацыях функцыянаваць цалкам самастойна.
За тым, што адбываецца на тэрыторыі ваеннага гарадка, дапамагаюць сачыць відэакамеры, а для падтрымання бесперабойнай працы сігналізацыйнага комплекса і сувязі ёсць акумулятарныя батарэі.
Сёння на тэрыторыі заставы жывуць з сем’ямі яе начальнік, яго намеснік і старшына. А ў распалажэнні створаны ўсе ўмовы для салдат тэрміновай службы. Напрыклад, дню нашага прыезду ў “Казімірава” папярэднічала няпростая ноч з моцным дажджом, пасля якой абутак пагранічнікаў дзякуючы электроннай сушылцы высушылі за 30 (!) хвілін. Да іх паслуг таксама сталовая, пакоі вольнага часу і інфармавання, бытавога абслугоўвання (тут можна і адзенне падрамантаваць, і падстрыгчыся), 2 спальныя пакоі, клас прафесійна-баявой падрыхтоўкі, лазня з парылкай і басейнам.
Спецыфікай службы на пагранзаставе з’яўляецца тое, што для кожнага ваеннаслужачага плануецца індывідуальны распарадак дня. І прычына таму відавочная – ахова мяжы ПАВІННА ажыццяўляцца бесперапынна.
У дзяжурным памяшканні знаёмімся з ваеннаслужачым Серафімам Кунцэвічам з Кобрына. Пра свае абавязкі як дзяжурнага па заставе ён расказвае так:
– Я – звяно, якое злучае начальніка заставы і ўсіх астатніх пагранічнікаў. Начальнік плануе, як мы будзем ахоўваць мяжу, а я даводжу гэтыя звесткі да пагранічных нарадаў, а потым кантралюю. Пастаянна назіраю за сігналізацыйным комплексам і падаю сігнал, калі ён спрацоўвае.
У выніку былі затрыманы шасцёра грамадзян Шры-Ланкі і грамадзянін Беларусі (вадзіцель). У ходзе разбіральніцтва было вызначана, што іншаземцы хацелі незаконна трапіць у Польшчу, а потым – на тэрыторыю Еўрасаюза ў пошуках лепшага жыцця. Іх даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання пагранічнай групы, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і дэпарціравалі.
Як бачым, жыхары прылеглых вёсак цесна супрацоўнічаюць з заставай, што прыносіць свой плён. Пры Вярховіцкай СШ створаны гурток “Юныя сябры пагранічнікаў”, заняткі якога з 9-11-класнікамі вядзе намеснік начальніка “Казімірава”. Вучні гэтай і не толькі школ прыязджаюць на заставу на экскурсіі, падчас якіх могуць пазнаёміцца з тэхнікай, паназіраць за выхаваннем сабак, патрымаць у руках зброю. Чым не прафарыентацыя?
Сёння застава мае шэфаў: ААТ “АграНіва” і “Савушкіна пушча”, якія гатовы дапамагчы ваеннаслужачым у падсобнай гаспадарцы (свежыя вітаміны, асабліва ў канцы вясны і летам, тут, дарэчы, вырошчваюць і самі). А летась на Дзень пагранічніка “Казімірава” атрымала ад “АграНівы” вельмі карысны падарунак – фоталавушкі.
Цеснае супрацоўніцтва наладжана і з мясцовымі органамі ўлады. Так, падчас святкавання нядаўняга Дня Перамогі салютная група заставы выязджала на мітынгі ў Вярховічы, Амелянец, Доўбізна, Бушмічы… Акрамя таго, сёння дзяржаўная мяжа, якую аховае “Казімірава”, у многім супадае з мяжой, што была напачатку Вялікай Айчыннай вайны, таму месцаў пахавання і помнікаў загінулым у той час на ўчастку заставы нямала. Ваеннаслужачыя сочаць за парадкам на іх.
источник: http://www.kamenec.by/галоўны-прынцып-аховы-мяжы-ў-казімір/