У пагранічнай камендатуры «Маларыта» служаць сапраўдныя прафесіяналы – пагранічнікі, якія ахоўваюць спакой, мір, абараняюць рубяжы нашай дзяржавы. Пагранічнік – гэта больш чым прафесія або служба, гэта прызванне, заклік душы і сэрца, у чым упэўнены і намеснік каменданта пагранічнай камендатуры «Маларыта» па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Сяргей Косік.
Ён ужо 25 гадоў знаходзіцца на варце дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Маёр ганарыцца, што дзякуючы і яму ў нашай краіне чыстае неба над галавой, захоўваецца мір і спакой, людзі могуць гадаваць дзяцей, займацца стваральнай працай і быць штодзень упэўненымі, што граніца пад надзейнай абаронай.
Бацька Сяргея Косіка часта расказваў сыну пра прадзеда Кліма Цімафеевіча. Ён быў партызанам атрада імя М.А. Шчорса брыгады імя Сталіна. 12 кастрычніка 1944 года ў баі за Непарэнт (Польшча) узяў у палон немцаў. Быў узнагароджаны шматлікімі медалямі. Юнаку вельмі хацелася стаць падобным да свайго прадзеда і абараняць рубяжы краіны. Ён быў перакананы, што служба ў элітных войсках нашай краіны – органах пагранічнай службы – справа пачэсная, ганаровая, вартая мужчын мужных, моцных характарам. Ведаў, што да тых, хто абараняе дзяржаўную граніцу, і патрабаванні асаблівыя: фізічная загартоўка і псіхалагічная ўстойлівасць, назіральнасць і пільнасць, выдатная памяць і пастаянная гатоўнасць да дзеяння. Хлопец старанна працаваў над сабой.
Пасля заканчэння Хаціслаўскай сярэдняй школы Сяргей Косік стаў навучэнцам Брэсцкага філіяла тэхнікума бізнесу і права. Затым была служба ў пагранічных войсках. Менавіта там юнак канчаткова прыняў рашэнне, што стане ваенным і выбраў для гэтага пагранічную камендатуру «Маларыта». Уладкоўвацца на службу па кантракце пайшоў напрыканцы снежня 2001 года. Так Сяргей Косік апынуўся на вузле сувязі. Служыў там на розных пасадах, а ў снежні 2021 года быў прызначаны намеснікам каменданта пагранічнай камендатуры «Маларыта» па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Каб павысіць свой прафесійны узровень, Сяргей Косік закончыў школу прапаршчыкаў, школу малодшых афіцэраў, юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Маёр Косік лічыць сябе кадравым тылавіком, але і там служба не менш важная, чым непасрэдна на граніцы. На яго плячах – адказнасць за якасную арганізацыю і функцыянаванне падраздзяленняў камендатуры. Тылавое забеспячэнне ахоплівае ўсе сферы дзейнасці пагранічнікаў. Гэта і матэрыяльна –тэхнічнае і харчовае забеспячэнне, і транспарт… Надзейная ж падтрымка дазваляе пагранічнікам засяродзіцца на своечасовым выкананні службовых задач.
У намесніка каменданта па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні шырокі пералік задач. У першую чаргу гэта тэхнічнае забеспячэнне ўсіх вузлоў ваеннай тэхнікі неабходнымі запчасткамі, бо кожная машына павінна быць у пастаяннай боегатоўнасці. Не менш важным з’яўляецца навучанне асабовага складу, замацаванага за тэхнічным арсеналам для абслугоўвання і догляду тэхнікі, а таксама вядзенне неабходнай дакументацыі. Ёсць яшчэ пункты, якія тычацца непасрэдна забеспячэння тылу. Гэта гатоўнасць маёмасці і харчовай службы, гаруча-змазачных матэрыялаў, забеспячэнне кантролю забеспячэння ўсіх норм па рэчавай службе. Непасрэдная задача маёра Косіка – бесперашкоднае ажыццяўленне ланцужка выдачы ўсяго неабходнага ад органаў забеспячэння да салдат. На асаблівым кантролі знаходзяцца і пытанні харчавання. Нормы выдачы вызначаюцца вышэйстаячымі органамі, якія распрацоўваюць меню і тэхналагічныя карты па каларыйнасці, збалансаванасці прадуктаў. Важна, каб салдат штодня атрымліваў ежу ў поўным аб’ёме.
Сяргей Косік гаворыць, што калі класіфікаваць задачы па важнасці, то прыярытэтнае месца займаюць усё ж такі тылавыя пытанні ўсяго асабовага складу, дзе прадугледжваецца наяўнасць поўнага камплекта па рэчавай службе, пачынаючы ад спальнага мяшка, неабходнага ў палявых ўмовах для выканання задач па прызначэнні ў любую пару года, час сутак і пры любым надвор’і.
За час службы ў пагранічных войсках Сяргей Косік вызначыў, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны вартавы граніцы. «Быць пагранічнікам, – гаворыць ён, – гэта пэўны стан душы, а не проста насіць зялёную фуражку. Гэта ўпэўненасць, смеласць, уменне прымаць правільныя рашэнні і хутка вырашаць пастаўленыя задачы».
У Сяргея Косіка надзейны тыл не толькі на службе, але і дома. Яго найперш забяспечвае жонка Алёна. У маёра ёсць прадаўжальнікі справы: старэйшы сын Вадзім цяпер служыць у органах унутраных спраў, дачка Ангеліна, студэнтка, таксама ўжо задумваецца пра ваенную службу. Стаць ваенным – у планах і меншага сына Дзмітрыя.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: маёр Сяргей Косік з аўчаркай Хіці.
источник: https://www.malorita.by/?p=138010







