Начальнік пагранічнай заставы “Макраны” пагранічнай камендатуры “Маларыта” капітан Сяргей Новік ўзнагароджаны нагрудным знакам “Камандзір падраздзялення граніцы”.
Начальнік пагранічнай заставы “Макраны” пагранічнай камендатуры “Маларыта” капітан Сяргей Новік напярэдадні Дня пагранічніка ўзнагароджаны нагрудным знакам “Камандзір падраздзялення граніцы”.
Дарэчы, гэта не першая яго ўзнагарода. Капітан Новік з’яўляецца ўладальнікам трох юбілейных медалёў, нагрудных знакаў “Выдатнік пагранслужбы Рэспублікі Беларусь” І і ІІ ступеняў, нагруднага знака “За самаадданую службу”. Яны атрыманы за прафесіяналізм, узорнае выкананне воінскага абавязку, асобыя заслугі ў ахове дзяржаўнай граніцы і высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці.
Сяргей Новік ужо амаль шэсць гадоў ахоўвае Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь. Адсачыць крокавую паласу, ацаніць абстаноўку на граніцы і пры неабходнасці падаць сігнал – паўсядзённая служба пагранічнікаў. Капітан Новік ганарыцца, што дзякуючы і яму ў нашай краіне захоўваецца мір і спакой, а людзі могуць гадаваць дзяцей, займацца стваральнай працай і быць штодзень упэўненымі, што граніца пад надзейнай абаронай.
Сяргей Новік родам з гарадскога пасёлка Зэльва Гродзенскай вобласці. Нарадзіўся і вырас ён у сям’і настаўнікаў. Аднак па слядах бацькоў не пайшоў. Сябе бачыў толькі абаронцам Радзімы, таму пытанне служыць ці не служыць перад юнаком ніколі не стаяла. Яшчэ ў сёмым класе ён вырашыў, што абавязкова стане ваенным, а ў дзясятым – будзе служыць у пагранічных войсках. Выбар быў самастойным і ўсвядомленым. Лічыў, што служба ў элітных войсках нашай краіны – органах пагранічнай службы – справа пачэсная, ганаровая, вартая мужчын мужных, моцных характарам. Ведаў, што да тых, хто абараняе дзяржаўную граніцу, і патрабаванні асаблівыя: фізічная загартоўка і псіхалагічная ўстойлівасць, назіральнасць і пільнасць, выдатная памяць і пастаянная гатоўнасць да дзеяння… Таму старанна працаваў над сабой. У пэўнай ступені на выбар прафесіі юнака паўплывала тое, што сябры брата Аляксандра тады ўжо атрымлівалі адукацыю ў Інстытуце пагранічнай службы. Падчас сустрэч яны з захапленнем расказвалі пра вучобу, спецыфіку службы. Таму пасля заканчэння школы Сяргей адразу паступіў вучыцца туды, куды планаваў.
Малады афіцэр ведаў, што з набытай спецыяльнасцю “Кіраванне падраздзяленнямі органаў пагранічнай службы” яго могуць накіраваць служыць у любы куток краіны. Сяргей Новік да гэтага быў унутрана гатовы, з нецярпеннем чакаў размеркавання. У 2017 годзе яго назначаюць намеснікам начальніка заставы “Токары” Брэсцкай пагранічнай групы. Праз два гады Сяргей Новік пайшоў на павышэнне. Ён быў прызначаны на ключавую для афіцэра граніцы пасаду – начальнік пагранзаставы. Спачатку гэта былі “Каменюкі”, а з чэрвеня 2022-га – “Макраны”. Цяпер капітан Новік і яго калегі ахоўваюць у нашым раёне дзяржаўную граніцу з Украінай працягласцю амаль 20 кіламетраў.
Застава – гэта падраздзяленне, з якога пачынаецца забеспячэнне пагранічнай бяспекі краіны, а камандзір заставы – не кабінетны чалавек. Большую частку сутак Сяргей Новік знаходзіцца побач з вайскоўцамі. У кабінеце праводзіць толькі планаванне службы і нарады. Часта яму даводзіцца ўдзельнічаць у пошукавых мерапрыемствах у складзе трывожнай групы або кіраваць ёй.
– Першыя месяцы на граніцы для мяне былі своеасаблівай рамантыкай, захапленнем, а пасля ўлюбіўся ў саму службу, якая прыносіла і прыносіць задавальненне і радасць, – гаворыць капітан Новік. – Служыць на граніцы – гэта пастаяннае ўдасканальванне, гатоўнасць да выканання пастаўленых задач, аператыўнае рэагаванне на кожную пазаштатную сітуацыю. У нас, вядома, існуе распарадак дня, якога строга прытрымліваемся, аднак у любы момант пагранічнікі здольны выявіць парушальнікаў. Участак дзяржаўнай граніцы, які ахоўваецца нашай заставай, абсталяваны сучаснай сістэмай сігналізацыі і назірання, кантрольнымі сродкамі. На ўзбраенні заставы знаходзяцца назіральныя і сігналізацыйныя прыборы, службовы транспарт. У ахове граніцы выкарыстоўваюцца службовыя сабакі. Усё гэта дазваляе эфектыўна і аператыўна забяспечыць яе абарону. Мы служым для таго, каб дзяржаўная граніца штохвіліны была пад пільным вокам і ў надзейных руках.
Усё, што ведае і ўмее начальнік заставы “Макраны”, ён перадае маладым пагранічнікам. А ім ёсць чаму павучыцца ў капітана Новіка.
источник: http://www.malorita.by/?p=79852